Упэўнены, Таццяну адлічылі за грамадзкую актыўнасьць! Так і толькі так!
Такім чынам, ў чарговы раз беларускаму студэнцтву нагадалі аб тым, што не варта праяўляць ініцыятыву і выказваць сваю пазіцыю да тых альбо іншых працэсаў якія адбываюцца ў краіне.
Не варта высоўвацца, і усё ў Вас будзе добра.
Не варта збірацца на акцыі пратэсту пад час будучых прэзыдэнцкіх выбараў, бо адлічым, выганім, пасадзім, размяркуем у Чарнобыльскую зону ці глухую вёску.
Чарговы канкрэтны сыгнал для беларускай моладзі. Толькі нас з Вамі моцна, вельмі моцна баіцца гэтая ўлада. Менавіта таму, супраць нас ужываюць палітпрызывы, крыміналкі, выключэньні з ВНУ, звальненьні, падаткавыя праверкі, і шэраг іншых рэпрэсіўных мэтадаў.
Пад час навучаньня ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы неаднойчы на свае вочы бачыў дзесяткі прыкладаў таго, як студэнты сістэматычна прапускаюць заняткі, парушаюць дысцыпліну ВНУ, не здаюць своечасова іспыты, але ж пры гэтым іх ніхто не выключае з універсітэтатаў. Часамі такіх аболтусаў цягнуць за вушы... У іх альбо тата знаны ў пэўных колах, альбо яшчэ што за плячыма ёсьць...
І яны "вучацца" і нават заканчваюць з дыпломамі спецыялістаў.
А вось з'ёздзіла Таццяна на форум, сказала не тое што трэба - адразу падабралі фармулёўку і выключылі. А калі б казала ва ўнісон спадару Козіку, ніхто б і ўвагі не звярнуў на яе паездку, наадварот далі б мат. дапамогу і прэмію, плюс па выніках сэсіі прэзыдэнцкую стыпендыю прызначылі б :)
У 2004 годзе пад час парлямэнцкіх выбараў мяне таксама выключылі з Гарадзенскага ўніверсітэта, спачатку мой канукурэнт – на той час, кіраўнік абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў Анатоль Белашэўскі спрабаваў праз сваіх падначаленых, прымусіць мяне адмовіцца ад далейшага удзелу у выбарах.
Памятаю, мы выпадкова сустрэліся з спадаром Белашэўшскім у Вялікай Бераставіцы каля будынку мясцовага райвыканкама, акурат там месцілася ўчастковая выбарчая камісія Мастоўскай выбарчай акругі № 58.
-О, гэта ж Зарэмбюк? – сказаў сваім генеральскім голасам спадар Белашэўскі.
-Добры дзень, а Вы адкуль мяне ведаеце? – падыйшоў да яго і спытаў я.
-Паказвалі мне на здымках, – жалезным голасам адчаканіў спадар Анатоль.
-Навошта ты вылучаеш сваю кандыдатуру, ты б лепей у БРСМ уступіў, ва ўніверсітэце мы б табе дапамаглі, глядзі каб праблем не было ніякіх…
Зразумела, што я рашуча адмовіўся ад такіх прапановаў, але ж ужо трошкі болей чым 5 год таму. была такая сустрэча і такая размова. Як бачым, з таго часу амаль нічога не зьмянілася.
Таму, не здавайцеся Тацьцяна, што б Вам у дэканаце не прапаноўвалі.
Толькі галоснасьць, адкрытасьць і грамадзкая ўвага да праблемы ёсьць адзінай нашай зброяй. Трымайцеся!
Мы – маладыя, актыўныя, разумныя і урэшце рэшт амбітныя – таму будучыня, без усякіх сумневаў, належыць нам!
